ДО́КАЗЫ СУДО́ВЫЯ,

фактычныя звесткі пра акалічнасці, якія маюць значэнне для правільнага вырашэння крымінальнай або цывільнай справы. Такія звесткі ёсць у паказаннях сведак, пацярпелага, падазронага, абвінавачанага, у рэчавых доказах, заключэннях экспертаў, пратаколах следчых і суд. дзеянняў. Адрозніваюць Д.с: асабістыя (зыходзяць ад людзей) і рэчавыя; прамыя (устанаўліваюць якую-н. акалічнасць) і ўскосныя (устанаўліваюць толькі прамежкавы факт); тыя, што сцвярджаюць факт або абвяргаюць яго; непасрэдныя і вытворныя. Парадак атрымання Д.с., іх замацавання і прадастаўленне суду вызначаецца працэсуальным заканадаўствам.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)